Беларусы Таронта на Дзень Волі зладзілі сусветны скайп-тэлемост

У нядзелю 28 сакавіка каля пяцідзесяці чалавек сабраліся ў Беларускім грамадзка-рэлігійным цэнтры Таронта, каб адсьвяткаваць Дзень Волі. Падчас імпрэзы - другі раз за ўсю гісторыю беларускай прысутнасьці ў Канадзе - адбыўся міжкраінавы "скайп-тэлемост". 

 

 Удзельнікі святкавання ў Таронта.

   

Вольга Іпатава правяла Дзень Волі ў Канадзе.

 

 Беларусы Таронта маюць гурт "Яваровы людзі".

 

 На скайп-сувязі - Сяржук Сокалаў-Воюш.

Сама ідэя такога тэлемосту нарадзілася досыць спантанна. Напачатку гэтага году мы запрасілі паэта і барда Сяржука Сокалава-Воюша, які зараз жыве ў Іст-Брансвіку (ЗША), прыехаць у Таронта на літаратурна-мастацкую вечарыну. Але Сяржук тады прыехаць ня змог, запрапанаваўшы ўзамен выступіць перад таронтаўскімі беларусамі па Скайпе. Такім чынам, першы экспэрымэнтальны скайп-мост адбыўся 13 лютага, калі Сокалаў-Воюш зь вялікім посьпехам чытаў свае вершы і сьпяваў песьні праз Скайп. Вырашана было разьвіць і пашырыць гэты наватарскі досьвед, і ў выніку на сёлетнім сьвяткаваньні Дня Волі скайп-мост злучыў Таронта зь беларускімі асяродкамі ў розных гарадах аж пяці краінаў сьвету!

Спадарыня Марыя Ганько, адна з вэтэранаў Згуртаваньня беларусаў Канады, зазначыла з гэтай нагоды, што раней, у пасьляваенны час, на сьвята 25 Сакавіка беларускія суполкі розных краінаў традыцыйна абменьваліся паштоўкамі, і падчас сьвяткаваньняў гэтыя віншаваньні абавязкова зачытваліся з трыбуны, бо несьлі людзям пачуцьцё еднасьці з суайчыньнікамі.Сёньня дамагчыся такога пачуцьця еднасьці нашмат лягчэй, бо дзякуючы сучасным сродкам тэлекамунікацыі мы можам ня толькі размаўляць зь людзьмі, якія аддзеленыя ад нас тысячамі кілямэтраў, але і бачыць іх на экране, як быццам мы ўсе знаходзімся ў адным пакоі.

Праз праграму Скайп беларусаў Таронта павіншавалі Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, старшыня ЗБС "Бацькаўшчына" Алена Макоўская, лідэр суполкі беларусаў Ванкувэру Ігар Ламака, беларускі студэнт з Чэхіі Юрась Юрчанка. Старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведар Нюнька і лідэр беларусаў Атавы Пётра Мурзёнак пераказалі свае словы вітаньня праз тэлефон (прычым адсутнасьць выявы на экране кампэнсавалася выдатнай якасьцю гуку).Сяржук Сокалаў-Воюш падрыхтаваў для свайго другога ўжо "скайп-мосту" настолькі яркую, ёмістую і запамінальную прамову, што мы просім рэдакцыю зьмясьціць гэты тэкст на сайце "Нашай Нівы" цалкам. Мы лічым, што словы Сержука заслугоўваюць на тое, каб быць шырока пачутымі, бо яны наўпрост зьвернутыя да кожнага беларуса, у якой бы краіне сьвету той ні жыў. Бо, як заўважыў іншы ўдзельнік нашай міжнароднай скайп-канфэрэнцыі Зьміцер Сідаровіч, напачатку XXI стагодзьдзя не выпадае гаварыць пра асяродкі беларускай эміграцыі як пра адарваныя ад мэтраполіі самотныя выспачкі беларушчыны. Больш слушна будзе казаць сёньня пра шырокую беларускую прысутнасьць у сьвеце, дзе кожная суполка і кожны чалавек павязаны зь іншымі шматлікімі штодзённнымі кантактамі.

Зьяўленьне на экране самога Зьмітра Сідаровіча, паэта і кампазытара, а таксама шасьці ягоных сяброў выклікала ў залі асаблівае ажыўленьне. Цімох Авілін, Вадзім Александровіч, Галіна Андрэйчанка, Ганна Касьцючэнка, Аляксей Крукоўскі, Янка Шаблінскі ды сам Зьміцер выканалі хіты "А дзе ж тыя ваяры" і "Пена цёмнага піва". Трэба зазначыць, што гледачы ў беларускім цэнтры Таронта таксама падхапілі гэтыя песьні, любімыя ўжо ня першым пакаленьнем беларусаў.

Падчас сьвяткаваньня, якое вяла старшыня ЗБК Валянціна Шаўчэнка, таксама выступілі Алесь Кот і вакальная камэрная група гурта "Яваровы людзі". Пісьменьніца Вольга Іпатава, якая цяпер перабывае ў Таронта, прэзэнтавала сваю новую кнігу "Знак Вялікага Магістра".

Нягледзячы на тое, што сучасныя бытавыя камунікацыйныя праграмы пакуль не даюць магчымасьці праводзіць сапраўдныя тэлеканфэрэнцыі, каб розныя ўдзельнікі маглі адначасова бачыць і чуць адзін аднаго, сама ідэя "тэлемосту", здаецца, спадабалася удзельнікам віртуальнай сустрэчы па абодва бакі акіяну.

Магчыма, за такім фарматам імпрэзаў - будучыня, і ня толькі сьвяткаваньняў дня беларускай незалежнасьці, а наагул кантактаў паміж беларускімі суполкамі розных краінаў.

 Віялета Кавалёва, сябра Галоўнай управы Згуртаваньня беларусаў Канады

http://nn.by/?c=ar&i=36740

Зварот  Старшыні  Рады  БНР  з  нагоды  Слуцкага  Збройнага Чыну

11 лістапада 2009 г.

Дарагія Суродзічы,

Зноў збліжаюцца асеньнія дні, калі мы традыцыйна прыпамінаем тых слаўных Случчакоў, якія ў 1920-м годзе пайшлі з зброяй  у руках бараніць сваю дзяржаву, Беларускую Народную  Рэспубліку, ад бальшавіцкіх агрэсараў.

Было іх дзесяць тысяч- дзесяць тысяч герояў. У нашым пост-савецкім часе, цяжка уявіць сабе, што такое магло адбыцца менш задзевяноста гадоў таму.

Каб край быў вольным, Слуцкіх вэтэранаў, якія выйшлі жывымі з гэтае вайны, шанавалі-б і паважалі-б  як найлепшых сыноў  і  дачок нашай зямлі. Нажаль, мы сталіся чужой  калёніяй.  Акупанты каралі  змагароў за  іх  геройскі збройны чын, а загінуўшых дзесяцігодзямі ігнаравалі.

Сёння зьвяртаюся да Вас, дарагія суродзічы  на Бацькаўшчыне. Адведайце 27  лістапада магілы герояў, якія пайшлі паміраць,  каб  жыла вольная Беларусь.

Суродзічаў узамежжы  прашу адзначыць  угодкі  Слуцкага Збройнага Чыну і прыпомніць  імёны змагароў  ды аддаць  ім  чэсьць. Я асабіста  прыпамінаю з  удзячнасьцю імя  Случчака, якога пазнала яшчэ ўдзяцінстве, Лявона Рыдлеўскага. Яго магілу  ушануе нашая  грамадаў Вяліка-Брытаніі, дзе ён пражыў - на выгнаньні - апошнія гады  свайго  жыцця.

Вітаю усіх Вас з угодкамі слаўнага Слуцкага Збройнага Чыну.

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвіла

Старшыня Рады БНР

Беларускі Канцэрт у Атаве 

24 траўня 2009 году ў Атаве, у рамках канфэрэнцыі славістаў (Congress of the Canadian Federation of Humanities and Social Sciences) адбыўся канцэрт беларускай музыкі, арганізаваны беларусамі Аттавы і Таронта. Вялікі ўклад у арганізацыю канцэрту зрабіла прафесар Зіна Гімпелевіч, Прэзідэнт Канадыйскай Асацыяцыі Славістаў (CAS). 

У канцэрце, які адбыўся ў вялікай залі Атаўскага ўніверсытэту, прынялі ўдзел Атаўскі клясычны дуэт Кантабіле і знакаміты гурт Яваровы людзі з Таронта. У гэты дзень з Таронта прыехала больш за 30 асобаў. Канцэрт распачаўся выступам дуэту Кантабіле, які прыгожа выканаў некалькі клясычных музычных твораў, а таксама і апрацоўкі добра вядомых беларускіх песень Жураўлі і Белавежская пушча.

Яваровы людзі прапанавалі гледачам новую праграму - феерычнае, прафесыйна і па-майстэрску зробленае відовішча. Праграма складалася з чатырох частак: Гуканьне вясны, Купальле, Жніво, Каляды. Кожная частка складалася з адмысловых сьпеваў, танцаў, народных строяў, з адначасовым выкарыстаньнем шумавых і сьветавых эфэктаў, слайд-шоў, дэманстрацыяй перакладаў тэкстаў песень на ангельскую мову. Канцэрт выклікаў вялікае эмацыянальнае ўгажаньне на гледачоў - неаднаразова гучалі воклікі Бравa і Жыве Беларусь. Адчувалася вялікая падрыхтоўка і прафесійны падыход да справы ўсіх удзельнікаў спектаклю.


Вялікае і шчырае дзякуй усім Вам, удзельнікі канцэрту, асабліва кіраўніку гурта Яваровы людзі Віялеце Кавалёвай. Дзякуючы спалучэнньню мастацкіх і арганізацыйных талентаў Віялеты, канцэрт прайшоў на такім высокім узроўні.
Хацелася падзякаваць таксама атаўчанам за гасьціннасць і прыём артыстаў з Таронта. Дзякуй усім, хто прыйшоў падтрымаць нашых беларускіх артыстаў у гэты вясновы дзень.

Напрыканцы хацелася б з упэўненасьцю зазначыць, што Беларусь сапраўды жыве тут, у Канадзе - жыве багатая, напоўненая творчым надхненьнем людзей, іх шчырымі душамі і талентамі. Канцэрт яскрава паказаў, што беларуская дыяспара ёсць моцны і яскравы агмень, які аб'ядноўвае беларусаў у жаданьні не губляць, а пашыраць і дэманстраваць глыбіню вытокаў нашай нацыянальнай, духоўнай і культурнай ідэнтычнасьці.

Больш фотаў глядзі  тут

Сьвяткаваньне 91-х угодкаў абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі 

Можа, хто спытае: дзе ж цяпер Беларусь?
Там, братцы, яна, дзе наша мова жыве!...

Гэтыя словы нашага славутага паэты Францішка Багушэвіча сталі лейтматывам сёлетняга Дня Волі ў канадыйскім Таронце. Сьвяткаваньне 91-х угодкаў абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі тутэйшая грамада канадыйскіх беларусаў прысьвяціла ўшанаваньню роднае мовы. 

На сьвята незалежнасьці таронтаўскія беларусы сабраліся ў нядзелю, 29 сакавіка. Пасьля ўрачыстае службы ў царкве сьв. Кірылы Тураўскага, якую адправіў япіскап Менскі і Наваградзкі Ўладыка Сьвятаслаў, да удзельнікаў сьвяточнае імпрэзы з пранікнёнымі словамі зьвярнулася Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла. 

Зь вялікім энтузіязмам прысутныя ўзялі ўдзел у Агульнанацыянальнай дыктоўцы, якая на працягу апошніх тыдняў ахапіла шырокае кола нашага грамадзтва ня толькі на радзіме, але й за яе межамі. Дыктоўка й надалей пашырыла геаграфію беларускасьці - гэтым разам на заходнюю палову зямной кулі. Сьвята слова ахапіла і малога, і сталейшага. За сталамі ў залі таронцкага Беларускага грамадзка-рэлігійнага цэнтру старанна выводзілі словы дыктоўкі і Старшыня Рады БНР, і студэнты, і школьнікі. Дыктоўку пісалі Ўладыка Сьвятаслаў, пісьменьніца Вольга Іпатава, госьця з Брытанскай Калумбіі Эва Пашкевіч - дачка ўкладальніцы "Ангельска-беларускага слоўніка" Валянціны Пашкевіч. Спрабавалі свае сілы й тыя, хто ніколі не вывучаў беларускую мову ў школе, - напрыклад, нашыя сябры з Расеі ды Ўкраіны. Усіх разам дыктоўку пісалі 42 чалавекі. За тэкст, які прачытала Надзея Дробіна, быў узяты верш Максіма Танка Родная мова. Пераможцаў чакалі прызы - кнігі Вольгі Іпатавай і Кастуся Акулы. 


 

Ларыса Міхайлава, удзельніца гурту Яваровы Людзі, піша Другую агульнанацыянальную дыктоўку

Мастацкая частка сьвяткаваньня распачалася выступам нашых "Яваровых людзей". Да фальклёрнага гурту, які існуе ў Таронце ўжо каля васьмі гадоў, стала далучаюцца ўсё новыя ды новыя таленты. З сольнымі нумарамі ў канцэрце выступілі Міхась Шэмет, Максім Івашын, Дамініка і Каміла Кавалёвы. Песьні і танцы роднай зямлі, цудоўныя строі з розных куткоў Беларусі дадалі гледачам узьнятага, сьвяточнага настрою. 

 гурт Яваровы Людзі

Зьміцер Эльяшэвіч

Дэвід Суорц у Канадзе

Менавіта цяпер вельмі важна, каб Беларусь захавала сваю незалежнасьць, - сказаў былы амбасадар Злучаных Штатаў у Беларусі сп. Дэйвід Суорц (David Swartz) на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускае грамады ў Канадзе, што адбылася на пачатку сьнежня ў Таронта. Дыплямат падзяліўся сваімі думкамі адносна разьвіцьця сёньняшніх падзеяў у Беларусі ды Усходняй Эўропе.

Пад час сваёй размовы ў Беларускім Грамадзка-Рэлігійным Цэнтры сп. Суорц распавёў пра гады сваёй працы ў Менску у 1992 � 1994 гадох. Яму выпала нялёгкая, але надзвычай цікавая задача арганізацыі першай амэрыканскай дыпламатычнай пляцоўкі на беларускай зямлі.

Сваю заангажаванасьць у беларускіх справах былы дыплямат працягвае й цяпер. Сп. Суорц зьяўляецца ініцыятарам і адным з заснавальнікаў першага Цэнтру Беларусазнаўства ў ЗША ва ўніверсітэце штату Канзас. Цэнтар мае на мэце пашырэньне дапамогі беларускім навукоўцам, што прыяжджаюць для правядзеньня навуковых дасьледаваньняў у ЗША, стварэньне цэнтралізаванай навуковай і архіўнай базы па Беларусі ў ЗША, пашырэньне ведаў пра Беларусь сярод шырокай амэрыканьскай грамадзкасьці. 

На заканчэньне сустрэчы сп. Суорц пажадаў беларускай грамадзе ў Канадзе посьпехаў у справе захаваньньня так багатай беларускай спадчыны у гэтым кутку Паўночнай Амерыкі.

ЗБК - 60

Гарадзкая Ўправа Таронта аполудні ў нядзелю 30 лістапада 2008 году была нашмат больш бел-чырвона-белая, чым заўсёды. Да канадыйскага кляновага ліста далучыліся бел-чырвона белыя палосы нашых шматлікіх штандараў. 


Найстарэйшая беларуская арганізацыя Паўночнай Амерыкі сьвяткавала сваё 60-годзьдзе. Імпрэза сабрала шматлікіх сяброў арганізацыі, гасьцей і тых, хто цікавіцца беларускім грамадзкім жыцьцём у Канадзе. 

Прывітаньнні да грамады прыйшлі ад Прэм'ер-Міністра Канады Стывена Харпера, беларускіх суполак за мяжой, арганізацыяў і шматлікіх прыватных асобаў. Радзіма адгукнулася зьмястоўным прывінаньнем ад Згуртаваньня Беларусаў Сьвету "Бацькаўшчына". 

Да паўнюткай залі з прывітальным словам зьвярнулася Станшыня Рады БНР сп. Івонка Сурвілла, пасол Палаты Прадстаўнікоў канадыйскага Парляманту Борыс Вжэсьнеўскі. Мелі гонар таксама вітаць нашу дарагую госьцю зь Беларусі, вядомую пісьменьніцу Вольгу Іпатаву. 

"Па старонках беларускай гісторыі ў Канадзе" (такая была тэма асноўнака дакладу) прысутных правёў старшыня Галоўнае Управы арганізацыі Зьміцер Эльляшэвіч. 

Падчас невялікага канцэрту аудыторыя доўгімі воплескамі дзякавала "Яваровым людзям" за высокі прафесіяналізм выкананьня народрых песень. Паказалі сябе й нашы маладыя таленты � Міхась Шэмет і Каміла Кавалёва. 

Зьмястоўная і цікавая выстава беларускага эмігранцкага друку прыцягнула увагу ўсіх прысутных. Дужа цікавымі былі нумары ўжо легендарнай газэты "Беларускі Эмігрант", часопіса "Зважай!". На экспазіцыйных сталах - беларускія кнігі, што выходзілі з таронтаўскага выдавецтва "Пагоня", вышываныя канадыйскімі беларускамі ручнікі, друкарка Кастуся Акулы - сапраўдны антыкварыят, як таксама й ягоная сумка з мантрэальскага ЭКСПО 67, зь якою пісьменьнік "бамбардаваў саветчыкаў" сваімі лістоўкамі ў жніўні 1967 году падчас Сусьветнай выставы. 

Доўга яшчэ пасьля афіцыйнай праграмы гучала пад высокай стольлю таронтаўскай "ратунды" родная мова...


Віншавальны ліст  Прэм'ер - Міністра Канады Стывена Харпера з нагоды 60-годзьдзя Згуртаваньня Беларусаў Канады

Прэзэнтацыя кніг у Аттаве

У жыцці беларускай суполкі у Аттаве адбылася яшчэ адна цікавая падзея - прэзэнтацыя трох кніг беларускіх аўтараў. У 2008-м годзе надрукаваны кнігі сяброў нашай суполкі - Івонкі Сурвілла Дарога, Пятра С. Мурзёнка Над Дзісенкай ракой і Юркі Пелюшонка Acquisition through division (practical demagogy). Прэзэнтацыя кніг прайшла на сялібе сп. Івонкі Сурвілла, на ветлівае запрашэнне якой адгукнуліся шматлікія сябры суполкі. Падзея адбывалася пры цудоўнай пагодзе у садзе, дзе быў арганізаваны імправізаваны тэатр - накрыты сталы, расстаўлены крэслы і лаўкі.

 

Сп. Івонка Сурвілла

Пачалі з кнігі гаспадыні, сп. Івонкі Сурвілла. Гэтая кніга ўжо атрымала вядомасць і добрыя водгукі. Кніга Дарога была выдадзена і прэзэнтавана вясной гэтага года у Мінску, абмяркоўвалася ў эфіры радыё Свабода. Цікавасць да кнігі выклікана не толькі тым, што яна распавядае пра жыццё сучаснага Прэзідэнта Рады БНР, а і тым, што сп. Івонка Сурвілла вельмі яскрава презентавала у кніге шмат якія падзеі 20-га стагодзьдзя, у якіх яна і яе блізкія апынуліся волею лёса. Асабіста я прачытаў гэту кнігу з захапленьнем яшчэ калі яна была толькі на вэб-сайце. Вельмі цікава было пабачыць многа новых здымкаў з жыцця сп. Івонкі Сурвілла. Сп. Сурвілла прывітала гасцей і распавяла пра гісторыю стварэньня кнігі. Фактычна кніга склалася з інтэрвью на Радыё Свабода, у якіх сп. Івонка Сурвілла расказвала пра сваё жыцьцё. Шмат працы у стварэньне кнігі уклаў журналіст Сяргей Навумчык. Сп. Івонка Сурвілла прачытала, на просьбу прысутных, эпізоды з перыяду яе студэнцтва у Сарбонскім універсітэце. Вельмі прыгожа аб кнізе і аб аўтарцы выказаўся сп. Ю. Пелюшонак, які ў сваім выступе гаварыў аб той шчырасці, з якой напісана гэта кніга, аб тых пачуцьцях, якія ён меў, чытаючы эпізод пра адступленне з Беларусі, калі на выспе пад Кенігсбергам, Івонку і іншых уцекачоў абстрэльвалі з самалётаў, і кулі літаральна між пальцаў прасочваліся у пясок. Ён выказаў шкадаваньне, што кнігу можна толькі пабачыць і немагчыма набыць, бо той тыраж, які быў надрукаваны, ўмомант разыйшоўся у Мінску і Празе. 

Сп. Пётр С. Мурзёнак

Мне, як вядучаму на прэзэнтацыі, было вельмі прыемна запрасіць на сцэну як аўтара, майго бацьку, Пятра Сільвестравіча Мурзёнка. Ідэя напісаць успаміны пра жыццё на Беларусі з�явілася пяць год таму назад, калі мае бацькі прыехалі на сталае жыццё ў Канаду. Бацька пісаў і пакрысе асвойваў кампутар. На прэзэнтацыі ён прачытаў вытрымкі са сваіх ўспамінаў і падзякаваў усіх прысутных, што прыйшлі на гэтую важную ў яго жыцці падзею. Пасля свайго выступу аўтар падпісываў жадаючым свае кнігі. У яго кнізе вы знойдзеце не толькі жыццяпіс чалавека, які нарадзіўся і жыў на Пастаўшчыне. Настаўнік па адукацыі, шчыры беларус па паходжаньню на прыгожай мове і ў цікавай форме расказвае пра жыццё вёскі Заходняй Беларусі, другую сусветную вайну, гады службы ў савецкай арміі, працу ў школе і быт сям'і настаўнікаў вясковай школы. Кніга ахоплівае перыяд амаль ад пачатку да канца 20-га стагодзьдзя. Кнігу можна набыць (тэлефон: 819- 682-3287). 

Сп. Юра Пелюшонак

Кніга Acquisition through division (practical demagogy) была прээзэнтавана яе аўтарам, доктарам Юрам Пелюшонкам. Трэба сказаць, што гэта ня першая яго кніжка. Да гэтага выйшлі ў свет Strings for a Beatle Bass: A Book about the Beatles Generation in the U. S. S. R. (1999) і  Through the Eyes of a Cockroach: Socialism Via a Simple Prism (2007). Вялікую працу робіць яго жонка, Вольга, якая як прафесійны перакладчык дапамагае ў выхадзе гэтых кніг на ангельскай мове. Кніжку Acquisition through division аўтар трактуе як аn educational guide to the art of existence based on idealistic notions. Гэта кніга � разважаньні аўтара аб арганізацыі грамадства, аб суадносінах паміж сацыяльнымі групамі людзей. Увогуле, гэтая кніга будзе цікавай для многіх чытачоў, хто любіць філасофію, сацыялогію. Кніга мае многа практычных задач, якія дапамагаюць чытачу ў разглядзе і разуменьні праблем, якія абмяркоўваюцца. Кнігу можна будзе набыць у хуткім часе, калі яна выйдзе большым тыражом.

Сама імпрэза доўжылася каля паўтары гадзіны. Затым прысутныя затрымаліся ля сталоў з пачастункамі, працягвалі размовы з аўтарамі і вялі дыскусіі. Непрыкметна надыйшоў вечар і час, калі пара была разыходзіцца, а пачыналі ў 2 гадзіны папаўдні. Значыць было цікава, імпрэза удалася.


Д-р Пётр Мурзёнак

Купалле 2008 у Аттаве

Першы раз беларусы Аттавы святкавалі Купалле два гады таму назад. Сёлета, 6 ліпеня, беларусы, якім дарагія традыцыі нашай Бацькаўшчыны, сабраліся на беразе ракі Аттавы, каб адзначыць гэта свята зноў. Быў цёплы, прыгожы вечар. На маляўнічай паўвыспе, незадоўга перад захадам сонца, рабілі вянкі, дзяліліся сваімі ўражаннямі ад прыроды, аб значнасці гэтага свята, рабілі фотаздымкі.
Разам праводзілі за раку і за гарызонт сонца. Запалілі свечкі, спявалі песні Купалінка, Рэчанька,  Сівы конь, Ой ляцелі гусі з броду, Зорка Венера. Напрыканцы, пусцілі вянкі ў рэчку. Кароткім, але ўзнёслым і радасным было свята.

БЕЛАРУСКАЕ СЛОВА
Апошні нумар у PDF фармаце

Афіцыйны сайт 
Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Наш  адрас

Belarusian Canadian Alliance
524 St.Clarens Аve.
Toronto, ONT
M6H 3W7
Phone : (416) 530-1025
E-Mail : info@belaruscanada.com

  СУСТРЭЧЫ Ў БЕЛАРУСКІМ ЦЭНТРЫ (Таронта)

Таронтаўская Управа ЗБК запрашае ўсіх суродзічаў-беларусаў на штомесячныя сустрэчы у памяшканні Беларускага культурна-рэлігійнага цэнтру ў Таронта (524 St.Clarens Аve.).

Тут можна заўсёды знайсьці аднадумцаў, спытаць парады, падзяліцца ўражаньнямі аб сёньняшніх падзеях на Бацькаўшчыне, паслухаць музыку ды й проста выпіць кавы.

Запрашаюцца ўсе жадаючыя а 11-й гадзіне раніцы ў апошнюю нядзелю кожнага месяца (пасьля Багаслужбы ў Царкве Сьв. Кірылы Тураўскага).


Галоўная ўправа Згуртаваньня беларусаў Канады

Старшыня 
Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
Івонка Сурвілла